Лядзішча (Барысаў) | квартал/мікрараён

Belarus / Minskaja Voblasts / Barisaw / Барысаў
 квартал/мікрараён, нябачны
 Upload a photo

Лядзішча зараз з’яўляецца мікрараёнам Барысава. Аднак гісторыя гэтага пасялення пачалася, калі горад адсюль быў яшчэ ў некалькіх кіламетрах.
Тлумачэнне паходжання назвы Лядзішча вельмі простае. Слова ляда па-беларуску азначае месца, дзе быў высечаны лес. Таму шмат пасяленняў у нашай краіне маюць такі корань. Менавіта так адбылося ў свой час і тут – на паўночным захадзе ад Барысава.

Пасля высечкі лесу на гэтым месцы быў утвораны хутар, які атрымаў назву Лядзішча. Калі гэта адбылося, дакладна сказаць цяжка. Найбольш верагодна, што адбылося гэта ля мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Па стану на 1917 год хутар Лядзішча ўжо існаваў. Яшчэ больш чым праз дзесяць год пасля таго на гэтым месцы добра прасочваліся абрысы прамавугольнай высечкі памерам недзе 1,4 х 0,7 кіламетраў. Цягнуліся ляды з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. З аднаго боку яны трошкі заходзілі за шлях на Вялікае Стахава (працяг сучаснай вуліцы Шпітальнай), з другога – за дарогу на Дудзінку (сучасная вуліца Дымкі паміж Лядзішам і Бярэзінай). Хутар знаходзіўся ля апошняй дарогі.

Як усё развівалася

Глабальныя перамены ў жыцці Лядзішча адбыліся на мяжы 20-х – 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Тады ў гэтым месцы быў перакрыты прамы шлях з Барысава на Вялікае Стахава і распачалося будаўніцтва казармаў і іншых вайсковых аб’ектаў. Ля іх пачалося ўзвядзенне жылых дамоў для афіцэраў і іх сем’яў. Вайсковы гарадок атрымаў назву ў спадчыну ад былога хутара. Будаўніцтва працягвалася амаль да самай вайны.

Вайна па зразумелых прычынах спыніла развіццё вайсковага гарадка. Яго пашырэнне аднавілася толькі на пачатку 60-х гадоў. Не спынялася яно на працягу 70-х – першай паловы 80-х гадоў.
Далейшыя працэсы ў краіне прыпынілі рост мікрараёна. У другой палове 80-х гадоў – 1990 годзе тут было ўзведзена толькі два жылыя дамы.

Новы імпульс для развіцця Лядзішча даў вывад савецкіх войскаў з Нямеччыны. Барысаў быў выбраны адным з месцаў, дзе будавалася жыллё для сем’яў афіцэраў. Так на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя на ўскрайку Лядзішча быў узведзены невялікі мікрараён з 12 пяціпавярховых дамоў, які атрымаў назву ад назвы турэцкай фірмы, якая будавала яго, – Энка. У выніку за сціплы час колькасць жылых дамоў у Лядзішчы павялічылася на трэць.

На гэтым пашырэнне жылога сектара Лядзішча скончылася. На працягу апошніх больш чым пятнаццаці год тут не быў узведзены ніводны жылы дом.
Найбольш старымі дамамі (тымі, якія ўзведзены да 1950 года) у Лядзішчы з’яўляюцца: дом №8 – пабудаваны ў 1936 годзе, дом №33 – пабудаваны ў 1930 годзе, дом №35 – пабудаваны ў 1936 годзе, дом №37 – пабудаваны ў 1937 годзе, дом №43 – пабудаваны ў 1930 годзе, дом №45 – пабудаваны ў 1930 годзе.
Лядзішча ўжо даўно не з’яўляецца выключна вайсковым гарадком. Гэта адзін са шматлікіх мікрараёнаў Барысава. Аднак ён застаецца досыць абасобленым і аддзеленым вайсковымі і рознымі іншымі аб’ектамі ад горада. З паўночнага ўсходу ён абмежаваны значным абрывам другой надпоймавай тэрасы Бярэзіны. Усяго толькі тры дарогі можа вывесці з Лядзішча. Адна вядзе ў бок праспекта Рэвалюцыі, другая – у бок аб’язной (так званай генеральскай) дарогі і трэцяя – у бок вуліцы Люсі Чалоўскай.

Лядзішча зараз уяўляе сабой горад у мініяцюры. Тут ёсць свой стары горад (так званыя Старыя Лядзішчы, ці Старыя Ляды), больш новы горад (забудова 60-х – 80-х гадоў) і ўласны новы мікрараён на ўскраіне (Энка). Для старой часткі Лядзішча характэрна прадуманая планіроўка, яе аснову складае вуліца з жылымі дамамі, якая ідзе да былога гарнізоннага Дома афіцэраў. Больш новая частка зроблена з яўным уплывам ідэй канструктывізму: шматлікія тыповыя жылыя дамы без архітэктурных залішкаў пры мінімальнай колькасці вуліцаў. Толькі скрыжаванне дарог, на якім знаходзяцца дамы з крамамі, робіць гэты куток трошкі больш жывым. Мікрараён Энка цешыць вока сваёй чысцінёй і прапрацаванасцю інфраструктур для жыцця ў ім.

На сённяшні час у Лядзішчы існуе больш за дзесяць крамаў, дзіцячы садок, сярэдняя школа, пошта, аддзяленне банка, установы бытавога абслугоўвання, дзве аптэкі, лазня, невялічкі базар (са сваімі невялічкімі крамамі) і г.д. Ёсць тут свой рэстаран “Левада”, казіно. Каля дзесяці год існуе (хай сабе і ў часовым памяшканні) царква. Прычым яна не пустуе. Нават уласная чыгуначная каляіна ідзе ў Лядзішча са станцыі Барысаў. За межамі мікрараёна распачынаецца лес. Чым не сапраўдны горад у мініяцюры?

Міхась Мацельскі
автор: | источник: “Гоман Барысаўшчыны” №10(127) за 2009 год |
Nearby cities:
Каардынаты:   54°14'21"N   28°28'6"E
This article was last modified 9 years ago