Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (Мiнск)

Belarus / Minsk / Мiнск / вул. Веры Харужай, 16

Паўстагоддзя таму назад, 29 ліпеня 1949 года, было прынята Рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных пра адкрыццё ў беларускай сталіцы гарадской публічнай бібліятэкі.
Для жыхароў Мінска гэта быў няпросты пасляваенны час: горад адраджаўся зноў пасля ваеннага ліхалецця. Але адчувалася вялікая цяга да ўсяго новага, што прыходзіла з мірным жыццём. Людзі разумелі, што веды, адукацыя - гэта надзейны компас, які дапаможа краіне хутчэй адрадзіцца. Вось у такі момант, вельмі своечасова і нарадзілася бібліятэка, якую прадугледжвалася размясціць у адным з новых будынкаў.
9 мая 1950 года з'явіўся дакумент - Рашэнне №401 "Аб часовым размяшчэнні гарадской бібліятэкі", і бібліятэка пачала працаваць у летняй чытальні парка імя Горкага. Першым яе загадчыкам быў назначаны Яўсейчык М.А. Яе першыя тры супрацоўнікі збіралі кнігі для бібліятэкі - камплектавалі фонд, вырашалі пытанні абсталявання.
2 сакавіка 1952 года газета "Мінская праўда" паведаміла мінчанам, што ў новым 115-кватэрным будынку па вуліцы К.Маркса, 8 адбылося наваселле гарадской публічнай бібліятэкі, якой Гарадскі выканаўчы камітэт надаў імя Янкі Купалы. На плошчы ў 228 квадратных метраў размясціліся чытальная зала на 100 пасадачных месцаў, абанемент, тры падсобныя пакоі. Было таксама абсталявана сховішча для фонду чытальнай залы. На дзень адкрыцця фонд бібліятэкі налічваў 17139 экземпляраў кніг. Для чытачоў працавалі тры аддзелы: чытальная зала, абанемент, перасовачная бібліятэка. У штаце было 5 супрацоўнікаў, з іх 4 - бібліятэкары. Узначальвала бібліятэку Лідзія Нікіфараўна Паграбная.
Бібліятэка пачала работу па абслугоўванню чытачоў 15 студзеня 1952 года. Першымі яе чытачамі былі Азарэвіч З.І., Селачнік І.В, Якаўлеў В.З., Сацуп Е.Т, Кантар Р.І., Ерамеева Т. Б., Савосценка Л.Д., Грыцкевіч А.П., Спасаў А.П., Суцягіна У.А., пісьменнікі Чэрнышэвіч М.Ф., Карпаў У.Б., Новік-Пяюн С. і многія іншыя жыхары Мінска. За год бібліятэка абслужыла 7072 наведвальніка, якім было выдадзена больш за 100 тысяч экземпляраў кніг. Былі арганізаваны алфавітны і сістэматычны каталогі. Бібліятэка актыўна ўключылася ў спаборніцтва сярод культурна-асветніцкіх устаноў рэспублікі. Праводзіліся чытацкія канферэнцыі і семінары для супрацоўнікаў гарадскіх бібліятэк, вялікай папулярнасцю карысталіся літаратурныя вечары, чыталіся агляды літаратуры, афармляліся выставы, вялася лекцыйная работа. У 18 розных месцах - на прадпрыемствах і ўстановах, у інтэрнатах - працавала перасовачная бібліятэка. Рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных №103 па выніках сацыялістычнага спаборніцтва бібліятэчных супрацоўнікаў гарадскіх раённых бібліятэк бібліятэцы імя Янкі Купалы было прысуджана першае месца .
1953 год. Бібліятэка пачала абслугоўваць і дзяцей. Калі ў 1954 годзе адкрылася дзіцячая бібліятэка ў Цэнтральным раёне, галоўная ўвага была сканцэнтравана на абслугоўванні дарослых жыхароў беларускай сталіцы. Колькасць чытачоў дасягнула 8128. Кожны дзень яе наведвалі 230-235 чалавек. Кнігавыдача склала 141620 экз.кніг. 24 красавіка 1953 года бібліятэка была ўзнагароджана Граматай Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР і БРК прафсаюза супрацоўнікаў палітыка-асветніцкіх устаноў за першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве культурна-асветніцкіх устаноў Беларускай ССР.
Вось так набірала свае працоўныя тэмпы Купалаўка. Асаблівая ўвага звярталася на камплектаванне калекцыі з твораў Янкі Купалы, матэрыялаў пра яго жыццё і творчасць.
Дзейнасць бібліятэкі ў той час была напоўнена пафасам стварэння, барацьбы за мір, духоўнае станаўленне асобы. Мерапрыемствы аб'ядноўвалі шырокае кола чытачоў. Канферэнцыі, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, выставы былі прысвечаны працоўнаму маршу пяцігодак. Яны ўсялялі ўпэўненасць і веру ў жыццё. Іх тэматыка гаворыць сама за сябе: "З камсамольскай пуцёўкай", "Новабудоўлі савецкіх гарадоў", "У дапамогу вывучаючым гісторыю партыі", "Стаў да станка - вучыся". Попытам карысталіся кнігі М.Горкага "Маці", М.Астроўскага "Як гартавалася сталь". Вялікая ўвага надавалася беларускай літаратуры і краязнаўчым ведам. У мерапрыемствах бралі ўдзел беларускія паэты і пісьменнікі У.Карпаў, І.Шамякін, М.Танк, Н.Гілевіч, А.Ставер, П.Макаль, А.Вольскі і іншыя майстры пяра. Запрашаліся ўдзельнікі партызанскага руху, артысты, архітэктары, навукоўцы.


У 1956 годзе бібліятэка ў першы раз дала чытачам справаздачу пра сваю работу. Для чытачоў тых часоў Купалаўка была не проста бібліятэкай. Сюды на "агеньчык" прыходзілі не толькі, каб узяць кнігу ці пачытаць газету. У бібліятэку звярталіся як да сваіх сяброў са сваімі клопатамі і праблемамі, радасцямі і турботамі. Тут ішла размова з чытачамі пра новыя кнігі, сэнс жыцця, тут моладзь - студэнты, вучні - марыла і вандравала па старонках кніг Купалы і Коласа, Пушкіна і Чэхава. У бібліятэцы яна вучылася жыццю на лепшых творах пісьменнікаў. Маладых людзей далучалі не толькі да галоўных маральных каштоўнасцяў, але і скіроўвалі на неабходныя краіне прафесіі.
У 1957 годзе на абанеменце пачаў працаваць спецыяльны стол па абслугоўванню моладзі. Тут прызначалі спатканні, і паэтычныя радкі Багдановіча ззялі зоркай Венерай для закаханых. У бібліятэцы рыхтавалі свае артыкулы журналісты, і, хто ведае, магчыма тут будучыя знакамітыя пісьменнікі і пасябравалі са сваёй Музай - і на ўсё жыццё... А гэта і былі першыя прыкметы Прызнання...
У 1958 годзе ёй было прысвоена званне "Лепшая бібліятэка горада". Ужо ў той час бібліятэка імя Янкі Купалы мела свае традыцыі, славілася творчымі падыходамі да арганізацыі работы, уважлівымі і добрымі адносінамі да чытачоў. Яе загадчыца Л.Н.Паграбная мела вялікі дар бачыць здольнасці людзей і запрашаць на работу супрацоўнікаў, адданых сваёй справе. Лідзія Нікіфараўна дапамагала калектыву ствараць у бібліятэцы атмасферу дабрыні, цеплыні і спакою. І гэта вельмі падабалася чытачам. З яе лёгкай рукі на доўгія гады "прыжыліся" у бібліятэцы першая загадчыца абанементам В.І. Алавяннікава, бібліятэкары Лісоўская Л.У, Мельнікава Г.У., Пятрова Л.А., Ільіна (Бабічава) В.В. Сталі майстрамі сваёй справы Барбарчык (Сачко) Л.М., Пятровіч Н.А. У розны час з бібліятэкай звязалі свой лёс Грэнадзёр М.І., Глушкова Л.І., Эпштэйн Ф.І., Людагоўская Л.А., Далідовіч З.Д. Тут працавалі Валенда Н.М., Кліонская Ю. Я, Ялавіцына Я.А., Цёплы М. Р., Інюціна Н.М., Архіпцава Н.Ф., Сарычава В.Д., Трунова Л.Н., Фельдман М.І., Кузняцова Т.А., Сокал М.У, Марошак Е.А., Рысявец І. В., Дзідзенка З.І., Сахароўскі В.Д. і іншыя. У юбілейны год мы гаворым Л.Н. Паграбной "вялікі дзякуй" за тое, што яна дапамагла Купалаўцы прайсці па ўзлётнай паласе і ўзняцца ў палёт!
У 50-60 гады бібліятэка працавала творча, шукала і ўкараняла лепшы вопыт, разам з краінай адзначала юбілейныя даты. У гэты перыяд інтэнсіўна фарміраваўся яе кніжны фонд. На 1.1.1958 года ён склаў 62 089 экз. кніг. З сакавіка 1958 года па новым штатным раскладзе ў бібліятэцы працавалі 12 супрацоўнікаў. З'явіліся два новых структурных падраздзяленні - аддзел апрацоўкі і метадычны кабінет. (З 1964 г. метадычны кабінет знаходзіўся ў памяшканні па вул. Захарава, 27). У пачатку 1959 года на абанеменце быў адчынены свабодны доступ да кніжнага фонду. Бібліятэка праводзіла вялікую работу па ўкараненні прагрэсіўнага вопыту ў бібліятэкі горада.

У шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады бібліятэка, як і заўсёды, працавала ў адзіным рытме з краінай. Старыя фотакарткі ажыўляюць гісторыю, зберагаючы памяць пра чытачоў розных пакаленняў і пра бібліятэкараў, якія працавалі тут у розны час, распавядаюць пра рознабаковую дзейнасць установы за гады яе існавання. З іх глядзяць на нас нашыя калегі - маладыя, прыгожыя жанчыны, злучыўшыя свой лёс з бібліятэчнай справай, якую чамусьці многія лічаць вельмі лёгкай. Можа таму, што не ведаюць, колькі сіл аддадзена каб зрабіцца той самай Купалаўкай, якую чытачы называюць "сваёй" і часам прысвячаюць ёй вершы. А тое, што працавалі старанна, зразумець не цяжка, калі пералічыць граматы і падзякі, якімі была адзначана праца калектыву. Сярод іх : 1960 год - Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага Саюза работнікаў культуры за поспехі ў абслугоўванні жыхароў горада бібліятэчнай кнігай. 1963 год - званне "Бібліятэка выдатнай работы".
У гэты пярыяд біблітэка шмат працавала з грамадска-палітычнымі выданнямі, літаратурай пра гістарычны шлях савецкага народа за гады савецкай улады, пра родны беларускі край і горад Мінск. Выкарыстоўваліся розныя формы і метады работы з чытачамі: кіналекторый у кінатэатры "Цэнтральны", вусныя літаратурныя часопісы, літаратурныя вечары і канферэнцыі, вяліся тэматычныя картатэкі, чыталіся агляды літаратуры. Назапашваўся вопыт па розных накірунках бібліятэчнай справы, і бібліятэка шчодра дзялілася ім са сваімі калегамі. Яна была метадычным цэнтрам для гарадскіх масавых бібліятэк. Метадычны аддзел праводзіў прафесійныя канферэнцыі і конкурсы бібліятэкараў, спрыяў працэсу павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў, ажыццяўляў метадычную і практычную дапамогу бібліятэкарам. Бібліятэка заўсёды імкнулася дзяліцца сваімі ведамі з калегамі і была добрым шэфам прафсаюзных і некалькіх сельскіх бібліятэк. У 1966 годзе ў бібліятэцы з'явілася і пасада бібліятэкара-бібліёграфа. Актыўную дапамогу аказваў бібліятэчны савет, у які ўваходзілі самыя актыўныя чытачы. Самае ж галоўнае дасягненне бібліятэкі - заваяванне чытацкай аўдыторыі. У бібліятэцы працаваў дружны калектыў, які з 1968 ўзначальвала Аляксандра Сцяпанаўна Костылева - энергічная, яркая і неардынарная асоба, паважная жанчына, высокакваліфікаваны, апантаны працай спецыяліст.
З 1976 года распачаўся новы этап у развіцці бібліятэкі - яна пачала абслугоўваць чытачоў па новым адрасе: вуліца Веры Харужай, 16. Новае памяшканне, палепшаныя ўмовы для працы ўдыхнулі новую энергію ў жыццё бібліятэкі. Бібліятэка ператварылася ў сапраўдны грамадска - культурны цэнтр для жыхароў сталіцы. У яе вялікай утульнай актавай зале заўсёды адбываліся цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі і са знакамітымі людзьмі, працаваў кіналекторый, збіраліся кнігалюбы. Гучала музыка. Напрацягу многіх гадоў існавалі розныя клубы і гурткі, універсітэт культуры. А. С. Костылева добра арыентавалася ў праблемах свайго часу, магла акцэнтаваць увагу супрацоўнікаў на найбольш актуальныя праблемы, у чым ёй дапамагалі добрае валоданне словам і вялікая працаздольнасць. Гэта было вельмі важна - у той час адбываліся значныя змены ў бібліятэчнай справе: цэнтралізацыя гарадскіх бібліятэк, змяненне класіфікацыйных схем фондаў і каталогаў. Ва ўсё гэта яна ўклала сваю стваральную энергію. Аляксандра Сцяпанаўна бралася за работу сама і своечасова падключала да ажыццяўлення планаў сваіх падначаленых.
У 1979 годзе змяніўся і статус бібліятэкі - яна стала Цэнтральнай бібліятэкай, аб'яднаўшы ў цэнтралізаваную сістэму 20 бібліятэк горада. На правах філіялаў у ЦБС увайшлі гарадскія бібліятэкі, якія знаходзіліся ў розных мікрараёнах Мінска, і нотна-музычная бібліятэка. Змены прынеслі новыя абавязкі і новую адказнасць за работу ўсіх падраздзяленняў цэнтралізаванай сістэмы.
А. С. Костылева са сваімі калегамі пачала актыўна праводзіць цэнтралізацыю, развіваць бібліятэчную сетку, удасканальваць даведачна-бібліяграфічную, інфармацыйную і метадычную работу. У ЦБС ствараўся адзіны фонд з цэнтралізаваным камплектаваннем, апрацоўкай літаратуры, кнігасховішчам, даведачным апаратам. Чытачоў у Цэнтральнай бібліятэцы абслугоўвалі абанемент, юнацкая і чытальная залы. Даведачна-інфармацыйны і метадычны аддзелы, гаспадарчы, аддзелы апрацоўкі літаратуры і камплектавання працавалі з улікам патрэб усіх падраздзяленняў ЦБС. Прыйшло ў бібліятэку і новае пакаленне супрацоўнікаў - прафесіяналаў, якія ведалі кнігу і маглі прапанаваць незвычайныя, цікавыя формы работы з чытачамі. Іна Сяргееўна Васюкевіч, намеснік дырэктара, валодала талентам ствараць творчую атмасферу і заўсёды падтрымлівала неардынарныя прапановы. Метадысты Пятрова Л. А. і Буданава В. А. каардынавалі дзейнасць бібліятэк, сачылі каб лепшы вопыт не застаўся без увагі.

У пачатку 80-х увайшлі ў практыку работы літаратурна-музычныя гасцёўні з цікавай тэматыкай, незвычайнай падачай матэрыялу. Яны раскрылі талент і галоўнага бібліёграфа Акушэвіч Т.І., якая была іх вядучай. Неардынарна, з захапленнем ішлі размовы, гучала музыка, падавалася гарбата. Чытачы і калегі ніколі не забудуць тыя вечары, калі абаяльнай гаспадыняй гасцёўні была Берына С.Л., якая стварала непаўторную атмасферу кожнай сустрэчы, яе "ауру". Часта ўспамінаюць нашы чытачы выступленні архітэктараў, урачоў, вучоных, настаўнікаў, спартсменаў, вайскоўцаў якія былі ўдзельнікамі сустрэч ў літаратурна-музычных гасцёўнях з цыклу "Мінск і мінчане".
Бібліятэка рыхтавала і праводзіла бібліятэчныя ўрокі, дапамагала выхоўваць культуру чытання, прымала ўдзел у раённых і гарадскіх святах, злётах кнігалюбаў. Бібліятэкары вучылі моладзь любіць сваю Радзіму, родны Мінск, ведаць і ганарыцца ўсім лепшым, што даў свету беларускі народ.
У 1982 годзе бібліятэка ўзяла актыўны ўдзел у святкаванні стагоддзя Я.Купалы. Прыходзілі да нашых чытачоў беларускія паэты і пісьменнікі Б. Сачанка, В. Казько, І. Чыгрынаў, Р. Барадулін, В. Быкаў, Я. Брыль, С. Грахоўскі, Р. Баравікова, В. Іпатава. Чытала свае вершы Я. Янішчыц. Дзяліліся першым літаратурным вопытам С. Алексіевіч і Л. Дранько-Майсюк. Пачынаючы драматург А. Дудараў распавядаў аб сваіх творчых планах. У бібліятэцы заўсёды прывячалі маладыя таленты. Сюды са сваёй першай выставай прыйшлі маладыя мастакі М. Бушчык, А. Кузняцоў, А. Цыркуноў. Потым не раз яшчэ запрашалі купалаўцы наведвальнікаў на іх персанальныя выставы. Тут таксама выстаўляліся і творы мастакоў М. Мудрогіна і Н. Шчаснай. А мастачка І. Кузняцова не толькі дэманстравала ў бібліятэцы свае карціны. Кніга яе вершаў вельмі спадабалася чытачам. Мастацкае афармленне вестыбюля Цэнтральнай бібліятэкі - незвычайныя люстры - яе аўтарская работа. Пад бібліятэчным дахам гучалі галасы цудоўных спявачак С. Данілюк, Н. Гайды, Л. Колас. Спявалі В. Чарнабаяў, М. Жылюк. Кампазітары Ю. Семеняка і І. Лучанок выконвалі свае музычныя творы. Заўсёды з ахвотаю выступалі кампазітар Э. Зарыцкі і спявак Я. Еўдакімаў.
Колькі разоў на сцэне актавай залы выступалі майстры беларускай сцэны! Сапраўдным святам былі тыя вечары, калі да купалаўцаў-бібліятэкараў прыходзілі вядомыя купалаўцы-артысты! Не было ў зале свабодных месцаў і тады, калі з мінчанамі сустракаліся А. Калягін, М. Казакоў, С. Святлічная, М. Карачанцаў. Дзякуй ім усім! Мы разам рабілі важную справу.
У 1983 годзе дасягненні бібліятэкі былі адзначаны Дыпломам 3-яй ступені ВДНГ СССР. Яе работа не раз адзначалася граматамі і дыпломамі кіруючых устаноў. Лад жыцця і дзейнасці бібліятэкі - гэта заўсёды адлюстраванне існуючай грамадскай сістэмы. У гэты час бібліятэка нямала зрабіла, каб захаваць кнігу, як знак сацыяльнай памяці. Актыўна працавала з літаратурай пра герояў цаліны і будаўнікоў БАМа, з мемуарамі дзеячоў партыі і ўдзельнікаў вайны.

У 1988 годзе бібліятэку наведвалі 11026 чытачоў. Яе фонд склаў 270238 экз. кніг. Але бібліятэкары адчувалі, што ідзе новы час: чытачы ўсё часцей прасілі творы Салжаніцына А., Владзімава Г., Рыбакова А., з'явіліся новыя імёны ў беларускай літаратуры. Пачалі друкавць "забароненых" аўтараў. А як чыталі "тоўстыя" часопісы! Папулярнымі сталі Дні інфармацыі. А ў 1995 годзе супрацоўнікі аддзела абслугоўвання - абанемента, юнацкай і чытальнай залы - з задавальненнем адзначылі, што чытачы сталі такімі актыўнымі, як ніколі. Іх колькасць павялічвалася, а грошай на камплектаванне станавілася ўсё меней і меней... Пайшлі заяўкі на эканамічную літаратуру, падручнікі. Людзі пачалі вывучаць замежныя мовы. Дачнікі цікавіліся гараскопамі, каб своечасова пасадзіць свае грады. Дэтэктывы, фантастыка, "жаночы" раман, вылічальная тэхніка - колькі раз на дзень звярталіся чытачы за гэтай літаратурай да бібліятэкара, які павінен быў усё ведаць!
Дабавілася работы Ксяневіч В.П, Векслер С.М., Ляпіч А.І., Новікавай М.А., Волкавай Т.І., Грынчук В.М. і іх калегам. Не здаваліся і нашыя "бабулькі" - Верунчык (Алавяннікава В.І) і Галінька (Мельнікава Г.В.) - так ласкава называлі іх у калектыве. На ўсё жыццё ўвайшла бібліятэка ў іх лёс і ў апошні шлях праводзіла ў1998 годзе.
Усе гэтыя гады вельмі напружана працавў інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел бібліятэкі. Бібліёграфы Сёміна В.М, Сяргеева Н.В, Жагора С.І , Акушэвіч Т.І. - наша служба "Што? Дзе? Калі?" - болей за ўсіх адчулі на сабе, што такое "Новыя табліцы ББК", а тут зноў прыйшлося думаць, куды ж класіфікаваць усе гэтыя "маркетынгі" і "менеджменты", якія проста пасыпаліся ў запытах наведвальнікаў! З каталагізатарам - старэйшым супрацоўнікам бібліятэкі Бабровай З.П. - штодзень абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Удасканальвалі даведачны апарат. Загучала матчына мова, прыйшлі каляды ды вечарыны. І тут купалаўцам пашанцавала. І.С. Давыдава, загадчыца аддзела абслугоўвання, так артыстычна, на цудоўнай беларускай мове запрашала калядаваць, што адказаць "не" ніхто не адважваўся.

У 1994 годзе дырэктарам ЦБ імя Янкі Купалы стала Людміла Пятроўна Сулохіна. Яна была тут сваім чалавекам: у бібліятэку прыйшла ў 1977 годзе. Калегі добра ведалі яе лепшыя рысы характару - рашучасць, патрабавальнасць да сябе, гатоўнасць узяць на сябе адказнасць, уменне працаваць з калектывам.
Гэта быў адказны перыяд у яе жыцці: новая пасада і змены, што адбываліся ў жыцці краіны, патрабавалі новых ведаў. У новых эканамічных умовах Людміла Пятроўна здолела перайсці на прагрэсіўныя формы гаспадарчай дзейнасці. Са свімі калегамі пачала ўкараняць аўтаматызацыю, развіваць бібліятэчную сетку, арганізоўваць абслугоўване і даведачна-бібліяграфічную і інфармацыйную работу па сучасных методыках. Калі адчуўся значны недахоп фінансавання, пад яе кіраўніцтвам бібліятэка пачала ўкараняць платныя паслугі (начны абанемент, ксеракапіраванне), заключаць дагаворы аб супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі. Атрыманыя сродкі пайшлі на камплектаванне фонду, на набыццё абсталявання, рамонт.
У аддзеле камплектавання і апрацоўкі фондаў з'явіліся першыя камп'ютэры. Берастава Л.К., Фаміна Г.М., Шабуня А.Х. - вопытныя бібліятэкары, яны шмат гадоў працуюць у гэтым падраздзяленні, але ж жыццё паставіла ім задачу навучыцца працаваць з сучаснай тэхнікай. Навучыліся самі, дапамаглі калегам і справа пайшла - сёння ў электроным каталозе каля 60 тыс. назваў дакументаў.
З 1996 года і інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел стварае аналітычна-бібліяграфічныя базы даных, у аўтаматызаваным рэжыме выдае бібліяграфічныя паказальнікі.
Калектыў бібліятэкі нямала робіць для сваіх чытачоў, але ён хоча і можа рабіць яшчэ болей. А для гэтага неабходна не толькі наша жаданне. Патрэбна матэрыяльная база, сучаснае тэхнічнае абсталяванне, маладыя кадры з сучаснымі ведамі ( дзе ж знайсці іх на аклад у 15-20 у.а.у месяц!). Ды і месца б паболей - сёння бібліятэцы з яе стваральным патэнцыялам вельмі цесна на 2036 кв. м. Гэта відавочна і супрацоўнікам, і наведвальнікам. Хацелася б адчуваць на самым высокім узроўні разуменне месца і ролі сучаснай публічнай бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве...
Мы ўсе нясем адказнасць за тое, з чым Цэнтральная гарадская бібліятэка сталіцы краіны ў цэнтры Еўропы ўвойдзе ў 21 стагоддзе...
На 1 студзеня 1999 года 25 160 жыхароў горада былі яе чытачамі. Для іх - утульная мэбля, кветкі, сучасныя інтэр'еры. Бібліятэка працуе для наведвальнікаў 63 гадзіны кожную нядзелю з адным выхадным днём. Сёння тут маецца прадстаўнічы фонд літаратуры - 232 487 экз. кніг, ёсць перыядычныя выданні, аўдыёвізуальныя матэрыялы, набываецца інфармацыя на сучасных носьбітах: толькі што набыта база даных з юрыдычнай тэматыкай.
Чытачы, людзі рознага ўзросту, з рознай адукацыяй і прафесійнымі інтарэсамі адзначаюць, што ў ЦБ імя Янкі Купалы заўсёды адчуваецца атмасфера духоўнасці, чысціні, утульнасці, душэўнага камфорту і цеплыні, якія ў мітусні сучаснага жыцця так патрэбны кожнаму чалавеку. І ствараюць гэту атмасферу супрацоўнікі бібліятэкі, людзі, што прысвяцілі сваё прафесійнае жыццё кнізе, Купалаўцы і яе наведвальнікам. Колькі творчых задумак рэалізавана з іх непасрэдным удзелам! Ім ніколі не было проста, але кожны раз яны прымалі выклік часу з пачуццём уласнай годнасці, працавалі з упэўненасцю ў неабходнасці і значнасці справы, якой прысвяцілі жыццё.

50 гадоў - гэта ўзрост сталасці. І адначасова - адраджэння. Для бібліятэкі гэта час пошуку новых накірункаў дзейнасці, новых карысных паслуг і імкненне аказваць уплыў на фарміраванне інфармацыйнага і культурнага асяроддзя Мінска. Бібліятэка працуе ў цесным кантакце з адміністрацыяй горада, у яе добрыя сувязі з грамадскасцю, шмат сяброў і партнёраў, разам з якімі робяцца важныя справы. Яна прыкметная і сярод калег - сюды ідуць за цікавым вопытам, тут адбываецца практыка ў студэнтаў.
Структура бібліятэкі пастаянна ўдасканальваецца - з'явіўся аддзел маркетынгу, працуе "Бізнесбібліятэка", адззел самастойнага вывучэння нямецкай мовы. У рамках праграмы "Гуманітарная бібліятэка 21 стагоддзя" працуюць тры клубы і галерэя візуальных мастацтваў "NOVA". З 1999 года чытачам выдаецца білет карыстальніка бібліятэкі ў сектары ўліку. І колькасць чытачоў штогод расце. Цывілізавана выглядаюць а'бявы, запрашэнні, прадстаўнічая дакументацыя бібліятэкі - сведкі сур'ёзнага стаўлення да культуры ўстановы. З 1996 года выдаецца інфармацыйны бюлетэнь "Бібліяфакт". А ў аддзелах працуе сучасная тэхніка - абслугоўванне вядзецца з дапамогай камп'ютэраў! Сімпатычныя жанчыны-бібліятэкары рады дапамагчы кожнаму чытачу... І прадстаўнікі моцнага полу працуюць сёння не толькі ў Я.Р.Казлова - у гаспадарчым аддзеле. Прыклад вернасці сваёй бібліятэцы - Жаўрыд А.У.- супрацоўнік аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў. Маладыя хлопцы таксама пачалі сваю працоўную кар'еру ў бібліятэцы: у юнацкай зале М. Стукач дапамагае дзяўчынкам адшукаць літаратуру, В.Гладкі - гаспадар даручанай яму тэхнікі. А ў аддзеле маркетынгу Кароль Д. і Давыдчык А. рэдагуюць чарговы праект...
А ці не гэта падставы да аптымізму ў юбілейны год!
З Днём нараджэння, Купалаўка! Хай зацвіце для цябе і тваіх чытачоў чароўная папараць-кветка, а ўсё лепшае, з чым ты прыйшла да свайго юбілею, дапаможа нам усім разам адшукаць яе!


Адрас бібліятэкі: Мінск, вул. Веры Харужай, 16
Месца знаходзіцца ў вул. Веры Харужай, 16
Nearby cities:
Каардынаты:   53°55'16"N   27°34'14"E
This article was last modified 19 years ago