Бiялагiчны заказнiк "Лунiнскi"

Belarus / Brest / Luninjec /
 запаведнік, заказнік  Дадаць катэгорыю
 Upload a photo

Быў утвораны ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР у 1976 годзе. Насіў афіцыйную назву: “Дзяржаўны ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння возера “Белае”, меў тэрыторыю агульнай плошчай усяго 115 га, знаходзіўся на тэрыторыі Лунінецкага лясніцтва. Галоўнай мэтай яго ўтварэння было забеспячэнне аптымальных умоў для росту і захавання рэліктавай расліны Лабеліі Дортмана, якая знаходзілася пад пагрозай знікненя. Таму на тэрыторыі заказніка былі ўведзены забароны на збор гэтай расліны, выпас жывёл, выкарыстанне навясных лодачных матораў, забруджанне вод возера Белага. Аднак праверкі рэжыму ўтрымання заказніка паказалі, што тут дапускаліся шматлікія парушэнні. Акрамя таго, праводзіўся выпас жывёл, не былі вызначаны месцы адпачынку, дапускалася высечка лесу, рыбная лоўля, засмечванне берага возера. Таму ў 1994 годзе было вырашана пашырыць межы заказніка да 9 400 га. А з 1997 года заказнік набыў статус “Дзяржаўнага біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння” і атрымаў назву “Лунінскі”. Размяшчаецца ён на тэрыторыі Лунінецкага лясгаса (Бастынскае, Лабчанскае, Лунінскае і Лунінецкае лясніцтвы).
Падставай для гэтага рашэння сталі вынікі навуковага даследавання прылягаючай да заказніка тэрыторыі спецыялістамі інстытута “Палессе — гідраводгас”. Вынікі паказалі, што тэрыторыя ўяўляе цікавасць, як эталонавая для палескага рэгіёну. Тут знаходзяцца найбольш тыповыя палескія біяцынозы з практычна непарушанай гідралогіяй, з захаваўшыміся дубова-грабавымі лясамі, рэдкімі і каштоўнымі відамі раслін і жывёл, занесеных у “Чырвоную кнігу Беларусі”. А самае галоўнае, што будзе захавана адна з “жамчужын” беларускага Палесся — возера Белае.
У геабатанічных адносінах тэрыторыя аб’екта ўваходзіць у Пінска-Прыпяцкі раён падзоны шыракалісцехваёвых лясоў. Асаблівую каштоўнасць тут уяўляюць дубровы ва ўзросце 90—140 гадоў, якія з’яўляюцца рэшткамі некалі вялікіх шыракалісцевых лясоў Палесся і сёння маюць практычнае і навуковае значэнне ў маніторынгу прыроднага асяроддзя і захавання рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фауны. Дубровы чыстыя і змешаныя з грабавымі лясамі займаюць тэрыторыю 286 га. Менавіта ў іх захаваўся найбольш рэдкі склад травяністых раслін.
Стараўзроставыя дубровы знаходзяцца на багатых супясчаных глебах дзярновага тыпу з характэрным травяным покрывам з папараці арляку, купены лекавай, падалешніку еўрапейскага, сніткі лясной, ветраніцы дуброўнай, маініку двухлісцевага, маліны і шэрагу іншых раслін.
Акрамя дуброў, растуць тут чыстыя саснякі, падчас з прымессю бярозы, елкі, алешыны чорнай. Яны з’яўляюцца абавязковай умовай далейшага захавання цецеруковых такавішчаў, балот-журавіннікаў, месцаў, дзе расце купальнік горны, занесены ў “Чырвоную кнігу Беларусі” і распаўсюджаны менавіта ў гэтай частцы заказніка, а таксама садзейнічаюць стабілізацыі натуральнага прыроднага стану возера Белае. Праз заказнік праходзіць паўднёвая мяжа распаўсюджвання елкі звычайнай. Ельнікі займаюць астраўное становішча на тэрыторыі 42-х га. Тут яны змяняюцца шыракалісце-чорна-алешнікава-яловымі фармацыямі, захаванне якіх у гэтым рэгіёне мае вялікае навуковае значэнне. Чыстых балот у заказніку ўсяго 106 га.
Фауна заказніка мае вялікую відавую разнастайнасць. На тэрыторыі выяўлена 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў (з 7, якія ёсць у РБ), 140 відаў птушак (74 з якіх занесены ў спіс, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе), 13 відаў млекакормячых, 40 відаў флоры і фауны, занесеных у “Чырвоную кнігу РБ”. 3 раслін гэта купальнік горны, лабелія Дортмана, палушнік азёрны. (Глядзі дадатак). Акрамя гэтага, на тэрыторыі заказніка расце каля 200 відаў лекавых зёлак. Сярод птушак найбольшую цікавасць уяўляюць: скапа, змеяед, філін, барадатая неясыць; прадстаўнік млекакормячых — арэшнікавая соня; знойдзены закінутыя норы барсукоў.
Дзяржаўны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Лунінскі” знаходзіца ў распараджэнні Лунінецкага райвыканкама, які сумесна з прыродаахоўнымі органамі забяспечвае яго ахову.
Nearby cities:
Каардынаты:   52°21'3"N   26°41'19"E
This article was last modified 7 years ago